Як улічваць гендарную (ня)роўнасць у грамадскай дзейнасці і актывізме? — OEEC
Меркаванні эксперт_ак

Як улічваць гендарную (ня)роўнасць у грамадскай дзейнасці і актывізме?

Пра гендарную няроўнасць і тыя праблемы, якія яна выклікае, праведзена вялікая колькасць даследаванняў і напісана шмат артыкулаў. Гэта тэма амаль невычэрпная і тычыцца розных бакоў паўсядзённага жыцця. У нашым матэрыяле мы вырашылі сканцэнтраваць увагу на гендарным мэйнстрымінгу.

Гендарная роўнасць — гэта адна са скразных каштоўнасцей, якая прысутнічае ў любым праекце ці галіне дзейнасці, аднак не ўсе дакладна ўяўляюць, як гэта можна ўбудаваць у сваю заяўку ці праект. Каб глыбей разабрацца ў пытанні, мы звярнуліся за дапамогай да эксперт_ак: Юліі Папружанка і Тоні Лашдэн.

1. Што азначае гендарная роўнасць і ў чым яе сутнасць?
2. Гендарны кампанент у праектнай дзейнасці
3. Гендар і моўныя асаблівасці

1. Што азначае гендарная роўнасць і ў чым яе сутнасць?

OEEC: Давайце спачатку вызначымся з тэрміналогіяй. Мы шмат чуем пра неабходнасць прытрымлівацца гендарнай роўнасці, але што гэта значыць?

Юлія Папружанка:

Сярод мноства адрозненняў паміж людзьмі культура надала крытычнае значэнне адрозненням па полу. Падзяліла на дзве катэгорыі — мужчыны і жанчыны — і аформіла чэк-ліст нязменных уласцівасцяў для кожнай, каб лёгка было арыентавацца. Калі чалавек мужчына, то ён спаборнічае, перамагае і дабіваецца поспеху; вяршэнствуе і камандуе; не паказвае эмоцый, якія звязаны са слабасцю; умее быць рашучым і ўладным; незалежны, разлічвае толькі на сябе; пазбягае «жаночых» заняткаў і мадэляў паводзін. Калі чалавек — жанчына, дык яна саступае і падпарадкоўваецца; імкнецца стаць добрай маці і гаспадыняй; прывабна выглядае; будуе і падтрымлівае адносіны; эмацыйная, чуллівая, слабая; залежная, жыве дзеля іншых. Так выглядаюць сацыяльныя ролі — гендар.

Гэтыя ролі мы ці ледзьве паспяваем свядома абраць, але лёгка засвойваем як натуральныя для сябе. Праблема ў тым, што для кожнай гендарнай ролі прыгатаваны вельмі вузкі сцэнар з маленечкім меню магчымасцяў, і ўдзельнічаць у выбары сюжэтнай лініі ў рамках гэтай ролі практычна немагчыма.

Гендарная роўнасць не азначае, што жанчыны і мужчыны павінны стаць аднолькавымі. Яна азначае, што правы, абавязкі і магчымасці для людзей не залежаць ад іх полу. Што інтарэсы, прыярытэты і патрэбы розных мужчын і жанчын надзелены роўнай каштоўнасцю і ўлічваюцца з роўнай дбайнасцю. 

Больш за тое, гендарная роўнасць — гэта не «жаночае пытанне». Гэта пытанне пра правы чалавека і перадумовы для ўстойлівага развіцця.

Тоні Лашдэн:

Асабіста для сябе я апісваю гендарную роўнасць як такую сістэму размеркавання грамадскіх дабротаў, якія ўключаюць доступ да фінансавых і нефінансавых рэсурсаў і працэсаў прыняцця рашэнняў, і ў гэтай сістэме жанчыны, мужчыны і гендарна-варыятыўныя людзі маюць роўныя магчымасці. 

Таксама, яна ўключае ў сябе роўнасць у прававым, культурным і палітычным полі і рэалізуецца не толькі за кошт колькасных паказчыкаў (калі ў нас 50% мужчын і 50% жанчын — роўнасць дасягнута), але і за кошт глыбіннай трансфармацыі норм, установак і стэрэатыпаў, праз якія людзі ўспрымаюць падзел роляў, правоў і абавязкаў у грамадстве.

Мне важна адзначыць, што часцей за ўсё ў дакументах, распрацаваных на ўзроўні ААН, ці на нацыянальным узроўні, гендарная роўнасць разумеецца толькі як пытанне роўнасці жанчын і мужчын. Калі мы не агаворваемся, што жадаем роўнасці паміж жанчынамі і мужчынамі ва ўсёй іх разнастайнасці і шукаем магчымасці ўлічваць запатрабаванні і патрэбы груп, прымаючы да ўвагі іх сэксуальную арыентацыю, месца пражывання, фінансавае становішча, узровень адукацыі, этнічнасць і расу, мы рызыкуем узнаўляць ужо існуючую няроўнасць. Акрамя гэтага, калі ў пытанні гендарнай роўнасці мы не ўключаем гендарна-варыятыўных людзей — трансгендарных, небінарных, квір і інтэрсэкс людзей — мы выключаем дастаткова значныя групы, чый дабрабыт напрамую залежыць ад вырашэння пытанняў няроўнасці.

OEEC: Патлумачце, калі ласка, што разумеецца пад гендарным мэйнстрымінгам? Якія крыніцы вы можаце параіць, каб выкарыстоўваць іх у якасці інструментаў для эфектыўнай працы?

Тоні Лашдэн:

Гендарны мэйнстрымінг — гэта працэс уключэння гендарнага кампанента як асновы для любой працы. Зараз існуе даволі шмат дапаможнікаў па гэтаму пытанню, таму, хутчэй за ўсё, у абранай вамі сферы ўжо будуць добра прапісаныя рэкамендацыі, як уключаць гендарную роўнасць у свае праекты. 

Адна з найбольш распаўсюджаных крыніц — гэта Мэты ўстойлівага развіцця (МУР).

Калі вы працуеце з экалагічнай тэматыкай, то звярніце ўвагу на гэты прыклад

Юлія Папружанка:

У якасці крыніцы тэрмінаў і інструментаў па пытанню гендарнага мэйнстрымінга можаце звярнуцца да гэтай спасылкі.

А тут можна паглядзець афіцыйную статыстыку па гендарнай роўнасці ў Беларусі, падрыхтаваную Нацыянальным статыстычным камітэтам.

2. Гендарны кампанент у праектнай дзейнасці

OEEC: Як уключыць праблему гендарнай (не)роўнасці ў праектную дзейнасць? На што варта звяртаць увагу?

Юлія Папружанка:

Для таго, каб змяніць ракурс агляду вашага праекта на гендар, вам спатрэбіцца зразумець, якім чынам выяўляюцца ў рэальнасці і злучаны паміж сабой: 

  • сацыяльныя ролі, 
  • матэрыяльныя рэсурсы і рэсурсы часу, 
  • бюджэт, 
  • стартавая пазіцыя, 
  • праца, 
  • інтарэсы, патрэбы, прыярытэты. 

З гэтым разуменнем вы зможаце набліжаць ваш праект да справядлівасці: справядлівага размеркавання рэсурсаў і магчымасцяў, выдаткаў і выгод.

Гендарная няроўнасць з’яўляецца дэфолтным інгрэдыентам у любой тэме, дзе гаворка ідзе пра людзей: развіццё тэхналогій, спорт, здароўе, экалогія, урбаністыка, адукацыя, інклюзія. На ўсе сферы нашай дзейнасці ўплываюць звычкі, каштоўнасці, магчымасці здароўя, наяўнасць ці адсутнасць фінансаў і часу, цяжар адказнасці за маленькіх і старых. Усё гэта будзе ўплываць на верагоднасць і паўнату дасягнення мэт праекта. Калі не ўлічыць гэтыя асаблівасці, то задуманыя аўтар_камі мэты не будуць дасягнуты, бо людзі і іх сапраўднае жыццё ў гендарных ролях могуць шмат чаго сапсаваць.

Гендарная няроўнасць сістэмная, таму праекты, якія не супрацьстаяць гэтай няроўнасці наўмысна, звычайна проста замацоўваюць або пагаршаюць яе. 

Гэта не значыць, што ад праектаў трэба адмовіцца: наадварот, трэба намагацца ўлічыць гендарныя аспекты пры іх распрацоўцы і рэалізацыі. Праект павінен працаваць так, каб не эксплуатаваць няроўнае размеркаванне ў актуальных яму вымярэннях і намагацца выправіць гэтыя дысбалансы.

Улічваць гендарныя аспекты ў праектным цыкле важна праз два вымярэнні:

  1. Змест праекта павінен адлюстроўваць гендарную карціну супольнасці, у якой працуе праект. Трэба пераканацца, што спецыфічныя патрэбы і інтарэсы розных груп улічаныя ў роўнай меры. Так, для адукацыйнага праекта гэта можа азначаць увагу да таго, якім чынам і ў якой меры гендарныя стэрэатыпы вызначаюць выбар хобі і прадметаў сярод школьніц і школьнікаў. Як такі выбар («хлопчыкі-тэхнары», «дзяўчынкі-гуманітарыі») можа ўплываць на іх будучую кар’еру і замацоўваць існуючую прафесійную сегрэгацыю.

  2. Рэпрэзентацыя розных груп на ўсіх узроўнях удзелу ў праекце і прызнанні вынікаў. Напрыклад, планаваць і адсочваць долі мужчын і жанчын сярод тых, хто выконвае праектную працу (распаўсюджвае інфармацыю, праводзіць трэнінгі), хто ўдзельнічае ў мерапрыемствах, хто ўдзельнічае ў ключавых мерапрыемствах накшталт адкрыцця і закрыцця, хто выступае эксперт_камі ў СМІ. Калі бачыце, што долі не роўныя, паспрабуйце адказаць на пытанне «Чаму так? Чаму (не) прыходзяць выключна жанчыны?».

Істотна разумець, што існуюць розныя групы жанчын і мужчын. Напрыклад, высокаадукаваныя мужчыны спажываюць інфармацыю больш падобную з інфаполем высокаадукаваных жанчын, чым менш адукаваных мужчын. Штодзённыя графікі гарадской і сельскай жанчын розныя. Кар’ерныя планы і крывая павелічэння заробка практычна супадае для працуючых дарослых без сям’і любога полу, але ашаламляльна адрозніваецца ад крывых для жанчыны з дзіцем і для мужчыны з дзіцем. Жанчыны маладога і старэйшага ўзростаў будуць па-рознаму ацэньваць крытычнасць дародавых паслуг або даступнасці сродкаў гігіены.

Вам спатрэбіцца аналітычная рамка для арганізацыі такой інфармацыі аб праекце. Вы зможаце палічыць, апісаць і прааналізаваць як сярод выканаўцаў праекта, так і сярод дабрабытаў наступнае:

1. Хто чым заняты? (размеркаванне працы, штодзённыя практыкі)
2. Хто што атрымлівае? (веды, паслугі, прызнанне; аплату працы, камандзіроўкі блізка ці далёка)
3. Хто што марнуе? (свой час, экспертызу)
4. Хто вызначае правілы? Хто прымае якія рашэнні? (ключавыя ці руцінныя, часта ці рэдка, якія тычацца ўсіх ці не).

У спробах сабраць дадзеныя трэба быць гатовымі, што будзе няпроста. Наўрад ці вы запоўніце ўсю табліцу, якой бы аналітычнай рамкай ні карысталіся. Першае, пра што варта памятаць: дзіркі ў гэтых табліцах — гэта ключавая інфармацыя, для яе адсутнасці ёсць структурная прычына, было б выдатна ўгледзецца ў гэтае месца ў кантэксце праекта больш уважліва. Другое — варта разумець гатоўнасць людзей фармуляваць апраўданні накшталт «яны проста не прыходзяць на апытанні / на інтэрв’ю / на сходы»: калі праблема адсутнасці жанчын у клінічных выпрабаваннях стала абуральна відавочнай, прычынай называлі «жанчыны занятыя домам і дзецьмі замест / пасля працы, ім няма калі, яны не ходзяць»; тлумачэнне, чаму сярод лабараторных мышак у выпрабаваннях толькі самцы, было такое: «гэта з-за гарманальных асаблівасцяў самак»; тлумачэння для выкарыстання выключна мужчынскіх клетак у даследаваннях ствалавых клетак пакуль не знайшлося…

3. Гендар і моўныя асаблівасці

OEEC: Чаму пра гендарную (ня)роўнасць важна гаварыць і якой мовай?

Тоні Лашдэн:

Існуе некалькі ўстояных моўных спосабаў падсвятляць пытанні рэпрэзентацыі праз вусную і пісьмовую мову.

Гендарна-нейтральная мова мяркуе, што мы скарачаем колькасць гендарна-афарбаваных словаў у гаворцы. Напрыклад, гаворым «Навучэнцы старэйшых класаў» ці «Людзі, якім неабходна першая медыцынская дапамога».

Гэтую мадэль часта крытыкуюць за тое, што рэчы, суб’екты і працэсы, якія здаюцца нам «нейтральнымі», насамрэч не нейтральныя, а маюць выразную сувязь з нормамі маскуліннасці ці мужчынамі як сацыяльнай групай. Напрыклад, слова «чалавек» па сутнасці сваёй нейтральна, але ў мове мае мужчынскі граматычны род. Атрымліваецца, што калі мы гаворым «Чалавек удзельнічаў у праваабарончай працы», спрацоўвае моўная стэрэатыпізацыя, і мы ўсё роўна думаем пра мужчыну.

Гендарна-адчувальная мова падкрэслівае і звяртае ўвагу на жанчын і мужчын у сваім маўленні. Мы можам казаць і пісаць «удзельніцы і ўдзельнікі курсаў», «праваабаронкі і праваабаронцы». Мэта такой мадэлі — «ураўнаважыць» мову і рэпрэзентацыю ў ёй. Гэтую мадэль крытыкуюць за тое, што яна факусуецца толькі на жанчынах і мужчынах і можа быць залішняя, калі мы пералічваем ці звяртаемся да розных груп.

Ёсць яшчэ і гендарна-інклюзіўная мова. Яна аб’ядноўвае пад сабой розныя спосабы маўлення і пісьма, якія ўключаюць жанчын, мужчын і гендарна-варыянтыўных людзей. Напрыклад, гэта мова з выкарыстаннем гендаргэпаў (гендарных прабелаў) або гендарных двукроп’яў: удзельні_цы / удзельні:цы. Гэтую мадэль крытыкуюць за візуальную складанасць і нагружанасць.

Гаварыць пра гендарную роўнасць і няроўнасць можна і трэба любымі словамі, якія ў вас есць, бо важна памятаць пра разнастайнасць і падтрымліваць яе ўсімі сродкамі.

***

У бліжэйшы час мы яшчэ вернемся да тэмы гендарнай (ня)роўнасці, як заўважаць яе і эфектыўна працаваць з гэтым пытаннем на розных узроўнях. Некалькі карысных тэкстаў вы ўжо маглі чытаць раней на нашым сайце, а калі яшчэ не бачылі, то раім звярнуць на іх увагу ніжэй.

Рекомендуем почитать:
Актывізм

«Дазволь Іншым быць Іншымі». К чему ведет риторика раскола и почему борьбу с дискриминацией нельзя откладывать до лучших времен

Дадзеныя даследаванняў

«Гендерное равенство – это про демократию и цивилизованность общества». Результаты исследования репрессий в отношении гендерных НКО и активисток в Беларуси

Меркаванні эксперт_ак

Почему OEEC не собирается отказываться от феминитивов