«Як жыць зараз?» Паразмаўлялі з праваабаронцай Настай Лойка пра дыскрымінацыю па пашпарце і пра тое, што з гэтым рабіць — OEEC
Просто о сложном

«Як жыць зараз?» Паразмаўлялі з праваабаронцай Настай Лойка пра дыскрымінацыю па пашпарце і пра тое, што з гэтым рабіць

Чаму ў крытычныя моманты (ці ў перыяд ваенных канфліктаў) тэма нацыянальнасці ці адрознення па пашпарце выходзіць на першы план? Ці з’яўляецца гэта дыскрымінацыяй?
І як кожны і кожная з нас можа спыніць гэта? 

Дыскрымінація: што гэта? Ці пра нас гэта?

– Ёсць Міжнародная канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх форм расавай дыскрымінацыі, Канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын і іншыя тэматычныя дакументы. І ў кожным спрабуюць вызначыць тэрмін дыскрымінацыі, – расказвае Наста Лойка. – Але ўсе тэрміны падобныя на тое, што кажуць пра нейкія адрозненні, выключэнні альбо абмежаванне перавагі па нейкай прыкмеце. 

Адным людзям аддаюць большую перавагу толькі таму, што ў іншых ёсць нейкая прыкмета, па якой адбываецца дыскрымінацыя. Ёсць прыкметы, па якіх дыскрымінацыя адбываецца стагоддзямі: гендарная, нацыянальная, сексуальная арыентацыя, мова і гэтак далей. 

У нейкіх сітуацыях прыкметы могуць быць іншымі, напрыклад дыскрымінаваць могуць мужчын ці белых людзей – гэта залежыць ад сітуацыі і кантэксту. 

Але што важна: пры дыскрымінацыі перавага аддаецца камусьці без відавочных рацыянальных абгрунтаванняў.

Ёсць тры ўзроўні дыскрымінацыі: 

дзяржаўны, грамадскі, бытавы.

Дзяржаўная дыскрымінацыя заўсёды звязана з правамі чалавека. Напрыклад, калі мы кажам, што суседзям правялі інтэрнэт, а нам не, гэта не дыскрымінацыя. 

Дыскрымінацыя заўсёды звязана з парушэннем нейкага права. Як варыянт – права на адукацыю. Напрыклад, у Расіі ромскіх дзяцей не бяруць навучацца пасля пачатковай школы толькі праз нацыянальнае паходжанне. 

Правы чалавека – гэта вертыкальныя стасункі з удзелам дзяржавы. Такім чынам, гэта толькі пра адносіны чалавек – дзяржава, а не чалавек – чалавек. 

Правы чалавека
з’яўляюцца неад’емным здабыткам усіх людзей, без якога б там ні было адрознення на падставе расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі, нацыянальнага ці сацыяльнага паходжання або любога іншага аспекту. 

Правы чалавека ўключаюць у сябе права на жыццё і свабоду, свабоду ад рабства і катаванняў, свабоду перакананняў і іх свабоднае выказванне, права на працу і адукацыю і многае іншае. Гэтыя правы павінны мець усе людзі, без якой-небудзь дыскрымінацыі.

– Сёння я пакуль не бачу прыкмет дыскрымінацыі з боку дзяржаў, – кажа беларуская праваабаронца Наста Лойка. – Большасць палітыкаў разумее сітуацыю. 

Але нядаўна мы прымалі заяву пра тое, што ў сувязі з вайной ва Украіне людзям з неўкраінскімі пашпартамі адмаўлялі ў выездзе, доступе да транспарту і г.д. І вось гэта парушэнне, бо ад вайны ўцякалі і ўцякаюць розныя людзі з рознымі пашпартамі, у тым ліку і беларус_кі. І тут парушаецца права на пошук прытулку ад пераследу ў іншых краінах і карыстанне гэтым прытулкам (артыкул 14 Усеагульнай дэкларацыі праў чалавека).

Тое, што мы маем зараз, – гэта шмат абразаў, людям перастаюць здаваць кватэры ці звальняюць з працы, калі ў іх беларускі ці расійскі пашпарт. Усё гэта бытавы ўзровень. 

Бытавая дыскрымінацыя – у ёй важна, як дзяржаўныя структуры рэагуюць на гэтыя выпадкі, ці прытрымліваюцца прававых механізмаў і гэтак далей. 

Чаму адбываецца бытавая дыскрымінацыя? 

Гэта пытанне ляжыць больш у сферы псіхалогіі і біялогіі, а не права.

У людзей ёсць частка рэптылоіднага мозга (вельмі старажытная), якая рэагуе на ўсё незнаёмае і незразумелае. І калі мы бачым штосці, што нас шакуе, то наша рэакцыя – бей, замры, бяжы – спрацоўвае аўтаматам, і ў кожнага, кожнай свой варыянт. Гэта тое, што мы не можам змяніць. 

Таму трэба проста прызнаць, што ў нас, людзей, гэта частка ёсць. І калі мы адчуваем агіду да нейкіх людзей на вуліцы, нам трэба задаць пытанне: «З чым гэта звязана?» 

Напрыклад, так часта рэагуюць на бяздомных людзей ці людзей ромскай знешнасці. І калі мы задаём сабе гэта пытанне, то шукаем адказ: ці прычына ў гэтых людзях, ці зараз у нас гавораць стэрэатыпы і абагульненні?..

Тут вельмі важна весці рацыянальны дыялог з сабой – і вось гэту рэптыльную частку вяртаць у зону кантролю. Бо ў іншым выпадку мы можам прымаць нейкія рашэнні ці рабіць агрэсіўныя ўчынкі ў дачыненні да гэтых людей толькі таму, што спрацавала гэта частка мозга. А ўсе стагоддзі эвалюцыйных працэсаў нашай рацыянальнай часткі прайграюць. 

.

Што адбываецца зараз?

– Як мне падаецца, зараз у людзей адбываецца вельмі сур’ёзны псіхалагічны перанос, таму што ва ўсіх стрэс, трывога, злосць, агрэсія, але мы не можам выказаць іх таму, хто вінаваты. 

Мы ўсе ведаем вінаватага – гэта прэзідэнт краіны, які без ніводнай прававой аргументацыі напаў на іншую дзяржаву. Але любая праактыўная агрэсія асуджаецца і рэпрэсуецца. І мы, простыя людзі, нічога не можам зрабіць ні з войскам, ні з гэтым прэзідэнтам, ні з тымі, хто аддае злачынныя загады. 

Таму людзі пераносяць увесь свой боль на тых, да каго дацягваюцца. 
І зараз гэта людзі з расійскімі і беларускімі пашпартамі. 

Яшчэ адзін фактар, які ўплывае на бытавую дыскрымінацыю зараз, – нізкая інфармаванасць. У свеце ведалі, што адбывалася ў Беларусі ў 2020 годзе. Але што было далей, ведаюць пераважна беларусы і беларускі. 

Таму людзі ў іншых краінах могуць не ведаць пра шэраг рэпрэсій, якія ёсць у Беларусі зараз: як караецца выхад на мітынгі, якія катаванні ёсць у турмах – і чаму зараз беларусы і беларускі бягуць са сваёй краіны.

І часцей, калі адмаўляюць у арэндзе кватэры, кажуць: «Ідзіце і  зрабіце нешта са сваім рэжымам». Але гэта немагчыма. Людзі паклалі сілы, час, здароўе, аднак гэта не атрымалася. І калі пачаліся пераследаванні, людзі проста вымушаны былі ўцякаць, каб выжыць.  

Відавочна, тут праблема ва ўладах Беларусі, якія падтрымліваюць рэжым Пуціна. Але не трэба гэту адказнасць перакладваць на беларусаў і беларусак, якія спрабавалі на працягу двух гадоў (і зараз спрабуюць) вызваліць Беларусь ад гнёту. 

З аднаго боку, мяне злуе гэта сітуацыя. Але з іншага боку, я разумею людзей, таму што яны ў стане панікі, страху і не могуць рацыянальна ацэньваць сітуацыю. 

І ў гэтым я бачу выклік для беларускіх людзей, якія зараз жывуць за мяжой: тлумачыць пра сітуацыю, пра асаблівасці Беларусі, чаму беларускія ўлады так сябе паводзяць, чаму немагчыма зараз нічога змяніць, чаму наш голас цяпер нічога не вырашае. 

Але мне падаецца, што праз некалькі тыдняў стрэсавая сітуацыя ў людзей за мяжой трошкі спадзе, і яны больш рацыянальна змогуць глядзець на людей з беларускімі і расійскімі пашпартамі.

.

Як мы ўсе зараз можам спыніць бытавую дыскрымінацыю?

Можна нават скласці невялічкі спіс тых дзеянняў, якія кожны і кожная з нас павінны памятаць і рабіць, каб пабароць бытавую дыскрымінацыю:

  1. Не судзіце па адным чалавеку аб усёй нацыі.
  2. Не судзіце чалавека па яго пашпарце.
  3. Пытайцеся ў людзей пра іх жывыя гісторыі (і іх пазіцыю).
  4. Распаўсюджвайце інфармацыю пра тое, што адбылося і зараз адбываецца ў Беларусі.
  5. Рабіце тое, што ад нас залежыць.
  6. Беражыце сябе, бо без вас не будзе той працы, якую вы можаце рабіць.
  7. Шукайце блізкія вам каштоўнасці ці супольнасці, дзе вы можаце абмяркоўваць тое, што адбываецца, і атрымаць падтрымку.
  8. Калі ёсць магчымасць і сілы, рабіце праактыўныя дзеянні: можна валанцёрыць, дапамагаць бежанцам, выходзіць на акцыі. Галоўнае – каб гэта вас таксама падтрымлівала.
  9. Ці пішыце петыцыі альбо дасылайце лісты дзяржаўным органам. Гэта таксама важна і больш бяспечна, чым мітынгі. 
  10. Не спрыяйце развіццю і культывацыі пачуцця віны. Можна казаць толькі пра свае пачуцці, але не перакладваць на ўсіх.

Больш глабальна мы не можам паўплываць на сітуацыю, бо бессэнсоўна зараз рабіць акты самаспальвання ці падаць пад танкі. Лепей рабіць нешта больш стваральнае. 

І я таксама лічу, што акрамя мітынгаў у Беларусі, якія вельмі небяспечныя для жыцця людзей, ёсць яшчэ шмат чаго: забастоўкі, петыцыі, звароты, валанцёрства і гэтак далей.

21 сакавіка
Дзень супраць расавай дыскрымінацыі

Еўрапейскае аб’яднанне супраць нацыяналізму, расізму, фашызму і ў падтрымку мігрантаў United штогод ініцыюе некалькі тэматычных тыдняў. На працягу 7 гадоў беларускія праваабаронцы з розных арганізацый і ініцыятыў прымаюць удзел у двух: супраць фашызму і антысемітызму (у лістападзе) і супраць дыскрымінацыі (у сакавіку).

З 14 па 23 сакавіка ў Беларусі праходзіць Тыдзень асветніцкіх дзеянняў за роўнасць і інклюзію. Ён прысвечаны Дню супраць расавай дыскрымінацыі, які адзначаецца 21 сакавіка. 

Але ў гэтым годзе ў сувязі з абставінамі, якія зараз адбываюцца ва Украіне, таксама ідзе размова пра такія каштоўнасці, як Мір. Роўнасць. Правы чалавека.

Сёлета Тыдзень у Беларусі ініцыюе праваабарончая каманда Human Constanta. Да іх далучыліся Беларускі Хельсінкскі камітэт, «Экадом», маладзёжная трэнерская сетка «Пароўну», ініцыятывы «Больш цела» і «ІншыЯ».

Рекомендуем почитать:
Просто о сложном

Ассертивность: как быть собой и при этом никого не обидеть!

Мнения эксперт_ок

«Каждый второй…». Личные истории и цифры о том, как эйджизм мешает всем жить!

Просто о сложном

Гайд по медиаграмотности: учимся читать и проверять «новости»