Як падрыхтавацца да публічнага выступу? — OEEC
Проста аб складаным

Як падрыхтавацца да публічнага выступу?

Тэма публічных выступаў даволі часта асацыюецца з палітычнымі ці медыйнымі дзеячамі і дзеячкамі, аднак гэта не зусім так. Гэты лонгрыд OEEC зрабіла максімальна практычным, каб вы маглі карыстацца нашымі парадамі ў паўсядзённым жыцці на розных узроўнях.

1. Каму і навошта патрэбны публічныя выступы?
2. Якімі бываюць выступы?
Elevator pitch
Выступ у стыле ТЕD
Адукацыйны фармат
3. Ці патрэбны вам тэкст?
4. Што дапаможа адчуваць сябе больш спакойна і ўпэўнена?

1. Каму і навошта патрэбны публічныя выступы?

У шырокім сэнсе яны патрэбны амаль кожнаму і кожнай з нас, бо ўсе мы ўзаемадзейнічаем разам у публічнай прасторы. Працуем (ходзім у офіс ці камунікуем дыстанцыйна), вучымся, ладзім адпачынак, наведваем краму, аптэку ці банк. Адным публічныя выступы больш патрэбны для дакладаў перад вялікай аўдыторыяй , другім — для прэзентацый праектаў ці Zoom-сазвонаў. Такім чынам, мы бачым, што задачы ва ўсіх розныя, а вось мэта аднолькавая — паспяхова данесці сваю думку да суразмоўцаў і каб гэта не каштавала шалёнай колькасці нервовых клетак.

2. Якімі бываюць выступы?

Калі мы рыхтуемся да выступу, то заўжды арыентуемся на тое, якую мэту ставім перад сабой, колькі ў нас на гэта часу, з якой аўдыторыяй будзем размаўляць, ці патрэбна нам для гэтага нейкая прэзентацыя. Але ж галоўнае — гэта мэта, бо менавіта яна вызначае і абмяжоўвае наш выступ. Калі вы адкажаце сабе на пытанне «Чаго я хачу дасягнуць гэтай размовай?», тады ўсё астатняе будзе больш зразумелым.

Што варта мець на ўвазе пры падрыхтоўцы да публічных выступаў

Разгледзім некалькі варыянтаў.

Elevator pitch, ці «прэзентацыя ў ліфце». Гэта вельмі кароткі выступ, не болей за 30–45 секунд, то бок час, які ў сярэднім займае паездка ў ліфце.

Галоўная мэта такой прэзентацыі — паведаміць аўдыторыі пра каштоўнасць таго, што вы робіце, і заахвоціць яе да дзеяння. Як гэта дасягаецца? Праз цікавую жыццёвую гісторыю, гумар, эмоцыі ці пераканаўчыя факты. Ваш выступ павінен не толькі прыцягнуць увагу і ўтрымаць яе, але і запомніцца. Для гэтага трэба добра разумець, з кім вы гутарыце, падбіраць ёмкія і трапныя словы і выразы, быць упэўненым у сабе і важнасці сваёй справы.

Як зрабіць паспяховую elevator pitch

Тут ёсць добрыя прыклады падрыхтоўкі да elevator pitch на ангельскай мове.

Выступ у стыле ТЕD. ТЕD (technology, entertainment, design) — сусветна вядомая канферэнцыя, місія якой заключаецца ў распаўсюджванні ўнікальных ідэй у такіх галінах як навука, мастацтва, дызайн, палітыка, культура, бізнес, глабальныя праблемы, тэхналогіі.

Чым для нас цікавы гэты фармат публічнага выступу? Іншым падыходам і спосабам падачы інфармацыі.

Па-першае, мэта вашага выступу ўжо будзе не ў тым, каб прасунуць ідэю ці паслугу, а ў жаданні падзяліцца ўнікальнай ідэяй. Натхніць сваіх слухачоў і слухачак да дзеянняў, якіх яны яшчэ не рабілі.

Па-другое, выступ у стыле ТЕD адрозніваецца працягласцю: да 20 хвілін. Гэтага часу дастаткова, каб вы цалкам выказалі і данеслі да слухач_ак сваю думку, а яны не паспелі стаміцца і ўхапілі ўсё самае галоўнае. Акрамя таго, аўдыторыя такога выступу можа быць значна большая, чым у elevator pitch.

Што дапаможа прыцягнуць і захаваць увагу слухач_ак? Расказвайце цікавыя, яркія гісторыі са свайго жыцця ці пра іншых людзей. Карыстайцеся нагляднымі фактамі і статыстыкай, каб уяўленне было больш аб’ёмным. Абавязкова далучыце гумар, ён добра ўтрымлівае ўвагу падчас выступу. Таксама можна дапамагчы сябе прэзентацыяй і іншым візуальным матэрыялам (фотаздымкі, малюнкі, відэа і інш.).

Выступ у стыле ТЕD

Карысны плэйліст з прыкладамі выступаў ТED на ангельскай мове (ёсць субцітры) «Як зрабіць выдатную прэзентацыю».

Адукацыйны фармат. Гэта ўмоўная назва для выступаў доўгай працягласці — лекцый, варкшопаў, майстар-класаў. Галоўнае яго адрозненне ад папярэдняга фармату публічнага выступу — гэта час: ад 30 хвілін да 2 гадзін. Доўгая працягласць мае свае плюсы і мінусы. З аднаго боку, можна данесці да слухач_ак больш карыснай інфармацыі, з другога — цяжэй утрымліваць іх увагу на сабе і на абранай тэме. Таму патрэба максімальнае ўзаемадзеянне з аўдыторыяй рознымі метадамі: цікавыя гісторыя і гумар, уражлівая прэзентацыя з фактамі і дадзенымі, добра пастаўленая гаворка, адчуванне настрою слухач_ак і змена відаў узаемадзеяння з імі. Як гэта здзейсніць? Напрыклад, задаваць пытанні аўдыторыі, запрашаць людзей падзяліцца кейсамі, прымяняць галасаванні тыпу Menti ці гульні тыпу Kahoot, а калі магчыма, то зладзіць не толькі лекцыю, але і працу ў парах або малых групах.

Яшчэ ўсё залежыць ад мэты, якую вы сабе ставіце гэтым выступам, ці для чаго вас запрасілі на мерапрыемства. Напрыклад, вы ўдзельнічайце ў адукацыйным праекце, мэта якога — выхаваць у слухач_ак новы навык, перадаць веды. Ці вы рыхтуеце пераканаўчы выступ, праз які аўдыторыя памяняе або скарэктуе сваё меркаванне па нейкаму пытанню. І гэтак далей.

Ёсць высокая верагоднасць, што ваша аўдыторыя будзе ў той ці іншай ступені падрыхтаваная да тэмы, пра якую будзе ісці гаворка. Магчыма, некаторыя са слухач_ак ужо былі знаёмы з вамі асабіста і прыйдуць на сустрэчу (афлайн ці анлайн), бо ведаюць пра ваш прафесіяналізм і манеру выкладання. Аднак, у любым выпадку, трэба добра падрыхтавацца загадзя. А вось як гэта зрабіць, мы распавядзем ніжэй.

Адукацыйны фармат

3. Ці патрэбны вам тэкст выступу?

Як ні дзіўна, але да кароткага выступу трэба рыхтавацца не менш старана і ўважліва, чым да доўгага. У першым выпадку вам патрэбна максімальна сканцэнтраваць свае думкі і данесці да слухач_ак галоўную ідэю, а ў другім — зрабіць гэта разгорнута і не даць аўдыторыі засумаваць.

Лепш за ўсё падрыхтаваць тэкст свайго выступу загадзя. Гэта ваша сапраўдная падтрымка і дапамога. Як кажуць, «самы лепшы экспромт той, які добра падрыхтаваны», але ўсе мы розныя і маем асабісты досвед. Рыхтуючы тэкст, майце на ўвазе тры падыходы: экспромт, чарнавік і поўны тэкст выступу. Што выбраць?

У кожнага варыянта ёсць свае плюсы і мінусы. Тут усё залежыць ад вашага папярэдняга досведу выступаў на публіцы, ад падрыхтоўкі і валодання тэмай.

Экспромт. Гэта добры варыянт, калі вы дакладна ведаеце тэму ці даўно з ёй выступаеце. Аднак варта памятаць, што падчас экспромту можна адысці вельмі ў бок ад галоўнай думкі і разгубіцца.

Чарнавік выступу — гэта тэзісы і прыклады, якія могуць дапамагчы падчас дакладу. Як зразумець, што гэтай інфармацыі вам будзе дастаткова? Паспрабуйце па чарнавіку расказаць камусьці сваю прамову. Справіцеся ці не? Калі ўсё добра, то гэтага дастаткова, а калі не, мабыць лепш зрабіць поўны тэкст.

Поўны тэкст. Пры яго падрыхтоўцы ўвесь час трымайце ў фокусе тэму вашага выступу. Памятайце, якую мэту вы ставіце перад сабой, што хочаце данесці да аўдыторыі і што разлічваеце атрымаць. Лепш ужываць кароткія сказы і простыя зразумелыя словы. Дадайце актуальныя прыклады, згадайце яркія гістарычныя падзеі ці вядомыя цытаты, калі яны добра праілюструюць вашу думку.

Яшчэ адна добрая парада: калі вам зручней выступаць з папяровым тэкстам, то надрукуйце яго за некалькі дзён перад выступам. Вам будзе значна прасцей у ім арыентавацца, калі там будуць вашы паметкі (алоўкам падпісаныя словы, нейкія малюнкі, падкрэсліванні маркерам). Ваш тэкст — ваш даўні сябра, вы яго ўжо ведаеце, ён не падвядзе і дадасць упэўненасці.

4. Што дапаможа адчуваць сябе больш спакойна і ўпэўнена перад выступам?

Каб адчуваць сябе камфортна, прыйдзіце раней. Паглядзіце на месца, дзе будзеце выступаць, раскладзіце на стале свае рэчы. Станьце гаспад_ыняй гэтай прасторы, вітайце прыходзячых, нават калі вы запрошан_ая госц_я.

Апраніце адпаведную мерапрыемству вопратку, але каб вам у ёй было камфортна.

Выберыце ў розных канцах аўдыторыі некалькі прыемных вам людзей і нібыта ім расказвайце свой даклад. Падмацоўвайце гэта жартамі і гумарам, яны заўжды дапамагаюць зняць напружанне. Калі ёсць такая магчымасць, не сядзіце на адным месцы, а час ад часу хадзіце па аўдыторыі.

Каб захаваць голас і не сапсаваць яго перад выступам, пейце цёплую ваду. Лепш адказацца ад вельмі гарачай ці халоднай ежы, ад вострага, салодкага і салёнага. Не ўжывайце семечкі, гарэхі ды чыпсы, бо яны раздражняюць звязкі, што можа выклікаць пяршэнне ў горле і пакашліванне, а сарваны голас адбярэ ўпэўненасць нават у вопытна_й аратар_кі.

Не ўжывайце алкаголь. Ён усё роўна цалкам не зніме напружанне, але можа заблытаць вашы думкі.

І паспрабуйце выспацца перад сваёй прэзентацыяй — гэта вельмі важна для агульнага стану арганізма. Калі вы добра сябе адчуваеце, то хутчэй знойдзеце выйсце з нейкай нечаканай сітуацыі.

Можна даць яшчэ шмат розных парад, але мы дадзім апошнюю і, магчыма, самую галоўную. Калі вы няўпэўнены ў сабе і падаецца, што ўзаемадзейнічаць з вялікай колькасцю людзей вельмі цяжка, то, як ні дзіўна, публічныя выступы дапамагаюць пераадолець гэту праблему. Чым больш вы практыкуецеся, тым лягчэй будзе давацца кожнае наступнае выступленне.

Рекомендуем почитать:
Проста аб складаным

SMM-стратэгіі для актывісцкіх праектаў

Проста аб складаным

5 крокаў, каб ператварыць ідэю ў карысны праект

Актывізм

Міжнародныя мерапрыемствы падчас крызісу: што варта ўлічваць?