SMM-стратэгіі для актывісцкіх праектаў — OEEC
Проста аб складаным

SMM-стратэгіі для актывісцкіх праектаў

Калі ў вас ужо ёсць цікавы праект і вы хочаце расказаць пра яго шырокаму колу людзей, трэба спланаваць стратэгію SMM (social media marketing). ОЕЕС падрыхтавала для вас практычныя парады, як палепшыць сваю работу праз сацыяльныя медыя.

SMM-стратэгія – гэта пэўныя правілы, які дазволяць вам прасоўваць свой прадукт у сацыяльных сетках максімальна эфектыўна і з мінімальнымі выдаткамі.

У чым адрозненне SMM-стратэгіі для бізнесу і актывісцкіх праектаў?

Галоўнай мэтай маркетынгавай стратэгіі бізнес-праекта з’яўляецца продаж прадукту. Таму трэба так пабудаваць яго прасоўванне ў сацыяльных сетках, каб прыцягнуць больш пакупнікоў з найменшымі выдаткамі для ўладальнікаў.

У актывісцкіх праектах мэта ў чымсьці падобная, але іншы прадукт і задачы. Напрыклад, вам трэба распавесці аўдыторыі пра пэўную ідэю ці імпрэзу, да якой вы хочаце далучыць як мага больш людзей. Прадуктам можа быць і фізічная рэч накшталт кнігі, якую нядаўна выдалі, аднак галоўнай мэтай будзе не ідэя зарабіць на гэтым грошы, а жаданне ахапіць максімальную колькасць аўдыторыі, каб яна даведалася пра ідэю ці прадукт.

SMM-стратэгія для актывісцкіх праектаў уключае ў сябе пэўныя правілы і падыходы, якія дапамогуць прасунуцца ў сацыяльных сетках. Памятайце: пры планаванні праекта важна закласці на гэта сродкі ў бюджэт. Калі вы працуеце з маркет_алагіняй, у яко_й вялікі досвед, ён ці яна зможа стварыць для вас такую стратэгію, па якой справа будзе рухацца далей ужо без іх удзелу.

З чаго пачаць? Па-першае, акрэсліць мэту і вызначыць мэтавую аўдыторыю. Па-другое, вырашыць, у якіх сацсетках будзеце распавядаць пра свой праект, бо кожная з іх мае свой фармат узаемадзеяння з аўдыторыяй. Так, напрыклад, Facebook разлічаны на доўгія тэксты, YouTube i TikTok на відэа-кантэнт, а Instagram — гэта невялікія пасты і сторыз. Сыходзячы з гэтага трэба выбраць тактыку камунікацыі.

Ставім мэту

Заўжды важна правільна паставіць мэту. Для гэтага вы можаце карыстацца тэхналогіяй SMART-планавання. Мэта мусіць быць канкрэтнай, вымяральнай па паказчыках, рэальнай па магчымасцях і акрэсленай па часе. Задайце сабе пытанні, накшталт:

– Для чаго мне патрэбна прасоўванне?
– Хто мая мэтавая група?
– Каго я хачу ахапіць абранай стратэгіяй?
– У якіх сацыяльных сетках знаходзіцца мая аўдыторыя?

Прытрымлівайцеся аднолькавага плана як для самога праекта, так і для яго прасоўвання ў сацыяльных сетках. Вызначыце, што вам патрэбна зрабіць у анлайн-прасторы, каб гэта прывяло да рэальных вынікаў. У першы раз зрабіць нешта можа быць даволі складана, але потым вы ўжо зможаце абапірацца на свой папярэдні досвед. Напрыклад, каб на імпрэзу прыйшло 50 чалавек, трэба атрымаць каля 100 рэгістрацый і не менш за 1000 праглядаў аб’явы ў сацыяльных сетках.

Шукаем сваю аўдыторыю

Важна памятаць пра сваю мэтавую аўдыторыю. Для гэтага намалюйце сабе яе партрэт. Трымайце на ўвазе такія пытанні:

— Хто тыя людзі, каго я хачу прыцягнуць? Які іх узрост, гендар, адукацыя, сямейны стан, цікаўнасці і г.д.
— Якія ў іх патрэбы? Якім чынам ваш прадукт можа дапамагчы ім у дасягненні пастаўленых мэт?
— Як яны размаўляюць паміж сабой?
— У якой сацыяльнай сетцы хутчэй за ўсё яны знаходзяцца?
— Якім чынам я магу прэзентаваць ім свой праект?

Гэта дапаможа знайсці правільныя словы, якімі вы будзеце размаўляць са сваёй аўдыторыяй, каб да вас прыслухаліся. Напрыклад, калі вы хочаце, каб на мерапрыемства прыйшлі бацькі з дзецьмі, тады іх трэба шукаць у спецыяльных тэматычных групах і чатах, а не толькі ў шырокіх пабліках накшталт «Жыхары горада М».

Каб заахвоціць людзей да дзеянняў, трэба стварыць такі кантэнт, які сапраўды зацікавіць. Многім людзям падабаецца тое, што датычыцца іх саміх, дзе яны бачаць адкрыты дыялог. Важна, калі ў людзей пытаюцца пра іх меркаванне і даюць магчымасць паўплываць на падзеі.

Што зараз адбываецца ў вашай галіне НДА?

Нават калі гаворка ідзе пра актывісцкія праекты, варта адсочваць сітуацыю ў  сваёй сферы. Калі мы кажам пра НДА-сектар, то гэта людзі, якія працуюць у тым жа напрамку, што і вы. Каб быць цікавым аўдыторыі, стварайце новыя прадукты і падзеі, а не капіруйце іншых. Каб знайсці свой напрамак, можна задаць наступныя пытанні:

— Што зацікавіць маю аўдыторыю?
— Як калегі пазіцыянуюць сябе ў сацсетках?
— Які тып кантэнту яны выкарыстоўваюць?
— Што нас вылучыць ад іх?

Якую выбраць платформу?

Каб адказаць на гэтае пытанне, згадайце сваю мэту і аўдыторыю, бо характар сацыяльных пляцовак адрозніваецца паміж сабой. 

Так, у Instagram часцей размяшчаюць экспертны кантэнт, сторытэлінг і ладзяць жывыя эфіры. Гэтая сацыяльная сетка разлічана на багаты візуальны змест (фота і відэа). У Telegram хутчэй ідуць за навінамі і карыснымі спасылкамі, у тым ліку на адукацыйныя праграмы. Калі гаворка ідзе пра Facebook, там размяшчаюцца навіны і сторытэлінг, фотаздымкі і відэа, таксама там камунікуюць з падпісчы_цамі. Для TikTok характэрны экспертны і забаўляльны кантэнт, прамыя продажы, а для Twitter – навіны і пабудова дыялогу.

Ці важныя сторыз?

Калі коратка — так! І вось чаму: сторыз дазваляюць вам размаўляць са сваёй аўдыторыяй увесь час, бо людзям цікава бачыць, што адбываецца. Але трэба быць уважлівымі і памятаць: усё, што вы паказваеце, павінна адпавядаць вашай мэце і несці пад сабой ідэю. Таму сторыз лепш весці ў фармаце сторытэлінгу, дзе расказваецца паслядоўная гісторыя.

Добра працуе падыход «шлях героя»: паказаць, як прыдумляўся праект, што рабілася ад пачатку, на якім ён зараз этапе. Яшчэ сторыз можна паказваць у фармаце «было-стала». Напрыклад, у нейкім музеі раней не было добрых указальнікаў, а дзякуючы праекту яны з’явіліся. Так вы можаце паказаць, як стала зручна. Калі ёсць такая магчымасць, добра будаваць гісторыю вакол персанаж_ак.

Добры кейс – дзядуля з Палесся, які распавядае байкі. Праз яго можна знайсці падыход да розных людзей, якія цікавяцца народнай культурай, гісторыяй Беларусі, палескім краем.

У афармленні сторыз трэнд на мінімалізм: не ўжывайце вялізныя літары і разнастайныя шрыфты. Дастаткова выкарыстоўваць тыя інструменты, якія ёсць у Instagram. Аднак, калі гэта падыходзіць вашаму напрамку, то дадайце яскравасці (падложкі, стыкеры). Галоўнае ва ўсім ведаць меру. Праз сторыз добра камунікаваць з падпісчы_цамі: ладзіць апытанкі ці нейкі інтэрактыў праз віктарыны. Можна дадаць акенца з пытаннямі і адказваць на іх. Такім чынам вы даведаецеся пра патрэбы менавіта сваёй аўдыторыі і зробіце актуальны кантэнт па іх запыту.

А што яшчэ працуе?

Ужо адышлі ў мінулае масавыя накруткі: не варта выдаткоўваць час і высілкі на маскаментынг, -фаловінг, -лайкінг і ботаў (праз якіх закупаюць шмат каментароў, падпісчы_ц ці лайкі). А на «give away» (розыгрыш падарункаў) таксама прыходзіць чужая аўдыторыя, якая наўрад ці застанецца вашымі падпісчы_цамі ці прыме ўдзел у вашых праектах.

Лепш зрабіць нешта якаснае з іншымі людзьмі, напрыклад, напісаць сумесныя пасты з эксперт_камі на актуальныя для вашай аўдыторыі тэмы, зняць reels, правесці інтэрв’ю ці прамы эфір з цікавым чалавекам, падрыхтаваць чэк-ліст з карыснымі рэкамендацыямі, арганізаваць калабарацыю з папулярнымі блогер_камі па вашай тэматыцы і г.д.

Таргетынг таксама працуе. Каб яго якасна наладзіць, трэба добра паставіць мэту і прааналізаваць аўдыторыю, таму лепш звярнуцца да спецыялістаў і спецыялістак. Калі вы ўпершыню робіце свой праект і хочаце развіваць яго ў сацсетках, спачатку парайцеся з экспертамі і эксперткамі і бярыце на ўвагу парады ад SMM-шчы_ц, якія ўжо працавалі з такімі праектамі. Гэта сэканоміць ваш час і сродкі.

Рекомендуем почитать:
Актывізм

Міжнародныя мерапрыемствы падчас крызісу: што варта ўлічваць?

Проста аб складаным

«Чтобы изменить жизнь, иногда достаточно изменить подход к обучению». Что такое самонаправленное обучение и как оно работает

Актывізм

«У меня нет высшего образования, зато есть 4 года волонтерства – и я не жалею». Что такое волонтерство и почему это круто?