Анлайн-курс «Звычка цікавіцца» — OEEC

Анлайн-курс «Звычка цікавіцца»

Быць грамадзянінам ці грамадзянкай азначае рабіць выбары і ўдзельнічаць у прыняцці важных рашэнняў, звязаных з жыццём вашай краіны. Але што гэта значыць на практыцы? Якія інструменты і веды дапамогуць змяніць свет навокал?

На другім наборы анлайн-курса па грамадзянскім удзеле ад ОЕЕС «Звычка цікавіцца» вы даведаецеся, што азначаюць такія тэрміны як грамадзянскі ўдзел, актыўнае грамадзянства, правы чалавека, арганізацыі грамадзянскай супольнасці, мясцовае самакіраванне, адвакацыя. На простых і зразумелых прыкладах мы пакажам, як можа і як павінна быць арганізавана дэмакратычнае грамадства, і як людзі могуць удзельнічаць у зменах на асабістым, лакальным і нацыянальным узроўнях.

Для каго курс?

Для актыўных беларус_ак, якім ужо споўнілася 18 гадоў і якія неабыякавыя да тэмы грамадзянскага ўдзелу. Не мае значэння, знаходзіцеся вы ў Беларусі ці па-за межамі краіны.


Зарэгістравацца на курс да 19 верасня!


Што будзе на курсе?

Праграма складаецца з кароткіх адукацыйных відэа, воркшопаў, тэкстаў і хатніх заданняў. Вядучымі і кансультант_камі мы запрасілі беларускіх і ўкраінскіх эксперт_ак.

На варкшопах абмяркуем актуальныя тэмы:

  • адкуль пачаліся правы чалавека і дзе яны заканчваюцца – пра гэта распавядзе праваабаронца Дар’я Рублеўская;
  • што павінна быць у супольнасці, каб яна была ўстойлівай, рэалізавала сваю місію і мэты – сваім досведам падзеліцца Іван Амелян, трэнер і эксперт па развіцці суполак і арганізацый;
  • як планаваць дзейнасць так, каб па выніку не рабіць усё адной ці аднаму, паразважаем з трэнеркай праграм нефармальнай адукацыі Валерыяй Ваўкагонавай;
  • што такое адвакацыя і якія тыповыя памылкі дапускаюць пры планаванні адвакацыйных кампаній спытаем у Назарыя Баярскага, праваабаронцы з багатым досведам адвакатавання ў сферы правоў чалавека;
  • як вырашыць праблемы ў камандзе – вынайдзем праз ралевую гульню з актывісткай Наталляй Халанскай;
  • чаму валанцёрства – гэта каштоўнасць, якая працуе на нас, парэфлексуем з Вольгай Хабібулінай, эксперткай па развіцці мясцовых і моладзевых ініцыятыў;
  • што такое CivicTech ці грамадзянскія тэхналёгіі – даведаемся ад палітолага і гендарнага даследніка Уладзіслава Іванова.

Калі адбудзецца курс?

Анлайн-курс пройдзе з 21 верасня па 18 кастрычніка 2023 года.

21 верасня з 19:00 да 20:30 (па менскім часе) мы правядзём першую сустрэчу-знаёмства ў Zoom, каб распавесці пра адукацыйную платформу і структуру курса.

Варкшопы будуць праходзіць вечарам па панядзелках і серадах, а адна сустрэча адбудзецца ў чацвер. Першы з іх запланаваны на 25 верасня, а 18 кастрычніка чакаем вас на анлайн-выпускны.


Рэгіструюся

У анкеце мы збіраем толькі той мінімум дадзеных, які патрэбны для адпраўкі запрашэння і разумення агульнага партрэта аўдыторыі курса. Вы самі можаце рэгуляваць ступень сваёй ананімнасці.


Які фармат навучання?

Анлайн-курс будзе праходзіць на спецыяльнай платформе ў фармаце адукацыйнага плэйліста. Гэта як музычны плэйліст, толькі замест песень і падкастаў будуць відэа і варкшопы з эксперт_камі. Для рэгістрацыі на платформе вам трэба будзе ўвесці email і сваё імя альбо псеўданім.

Фармат плэйліста дапускае, што вы самастойна вырашаеце, колькі асабістага часу ўкласці ў навучанне. Можна прайсці ўсе трэкі, а можна толькі тыя, што адгукаюцца зараз. Тым не менш, паспяховае завяршэнне курса прадугледжвае праходжанне пяці абавязковых трэкаў і выкананне 50% заданняў курса.

Варкшопы будуць праходзіць у Zoom, для ўдзелу ў кожным трэба будзе запоўніць анкету і пазначыць email і імя або псеўданім. Удзельнічаць у варкшопах можна з уключанай ці выключанай камерай і мікрафонам, пад сваім іменем ці псеўданімам. Запіс варкшопаў не прадугледжаны.

За кожнае выкананае заданне прадугледжаны бэйдж (віртуальная адзнака аб тым, што трэк пройдзены). Тыя, хто збяруць мінімум 5 бэйджаў, атрымаюць сертыфікат аб паспяховым завяршэнні курса.

Як прыняць удзел?

Запоўніце анкету да 19 верасня (уключна). Не пазней за 20 верасня мы адправім вам ліст-пацверджанне з інструкцыяй аб тым, як арганізаваны курс. Не забывайцеся правяраць тэчку «Спам», каб ліст не згубіўся.

Калі ласка, звярніце ўвагу, што мы пакідаем за сабой права не рэгістраваць тых, хто даслалі пустыя анкеты.

Удзел у курсе бясплатны.

Курс арганізаваны некамерцыйнай арганізацыяй ОЕЕС (Грузія). Калі ўзніклі пытанні, пішыце нам на пошту oeec.online@gmail.com або ў Інстаграм.

07.09.2023 - 19.09.2023
Online
Просмотры: 1069