Грамадскі актывізм: якія фарматы цікавыя сёння? — OEEC
Актывізм

Грамадскі актывізм: якія фарматы цікавыя сёння?

Для падрыхтоўкі гэтага артыкула ОЕЕС абмеркавала з грамадзянскімі актывісткамі розныя фарматы мерапрыемстваў, якія яны часцей абіраюць для сваёй дзейнасці, што лічаць найбольш цікавым і эфектыўным. Сацыяльныя праблемы ў грамадстве існуюць незалежна ад часу ці краіны, і да іх трэба прыцягваць увагу і вырашаць. Магчыма і вы паглядзіце на даўно вядомыя рэчы па-іншаму ці натхніцеся на новыя ідэі.

1. Апытанні і даследаванні
2. Артыкулы ў СМІ, «карткі» у сацыяльных сетках і падкасты
3. Дакументальны спектакль і «Жывая бібліятэка»
4. Анлайн-суполкі і сумесныя майстэрні
5. Кінапрагляды

1. Апытанні і даследаванні

Калі ў вас ёсць жаданне зрабіць нейкі праект, будзе добра спачатку даведацца ў сваёй мэтавай аўдыторыі, ці гэта тое, што ім сапраўды патрэбна і карысна. Адным з метадаў сабраць інфармацыю з’яўляецца апытанне. Напрыклад, падчас даследавання вы атрымаеце пэўныя лічбы, якія пацвердзяць (ці абвергнуць) вашу думку. Калі гаворка ідзе пра нейкую адукацыйную праграму, то вы зразумееце, якіх ведаў і навыкаў бракуе людзям. Таксама дакладныя паказчыкі дапамогуць у перамовах з патэнцыйнымі партнёрамі, экспертамі і эксперткамі, якіх будзеце запрашаць да супрацоўніцтва.

Майце на ўвазе, што ёсць рознабаковыя метады даследаванняў, інфармацыю з якіх можна злучыць разам для лепшага разумення сітуацыі. Напрыклад, глыбокія інтэрв’ю, з якіх вы разгорнута даведаецеся пра асабісты досвед людзей, іх патрэбы і матывы, і анлайн-апытанкі, якія дадуць больш колькасныя звесткі. Таксама можна звярнуць увагу не толькі на досвед канкрэтных людзей, але і вывучаць дзейнасць парасонных арганізацый (umbrella organization), розных дзяржаўных устаноў і НДА.

Працаваць з любой персанальнай інфармацыяй трэба вельмі акуратна. Гэта значыць: разумець яе каштоўнасць, не апублічваць тыя дадзеныя, якія з’яўляюцца асабліва далікатнымі для чалавека альбо могуць нанесці шкоду суразмоўцам ці іх родным. Карыстайцеся бяспечнымі сродкамі для захавання інфармацыі, накшталт воблачных сэрвісаў (Google Drive, Dropbox, OneDrive і г.д.), замест флэшак, якія страчваюцца.

2. Артыкулы ў СМІ, «карткі» у сацыяльных сетках і падкасты

Напісанне артыкулаў па-ранейшаму застаецца актуальнай формай зварота да шырокай аўдыторыі. Дзякуючы ім магчыма сфакусіраваць увагу грамадства на пэўных праблемах, удакладніць кантэкст той ці іншай падзеі, распавесці пра новыя з’явы альбо патлумачыць незразумелыя тэрміны.

Калі пішаце артыкул, заўжды ўяўляеце сваю мэтавую аўдыторыю і яе інтарэсы. Максімальна раскрыйце тэму, каб у чытача не склалася адчування, што нешта важнае засталося па-за межамі тэкста. Абавязкова рабіце фактчэкінг — праверце ўсе згаданыя факты, удакладніце імёны, прозвішчы, лічбы і месцы. Выбірайце крыніцу для публікацыі ў адпаведнасці з мэтамі, якія сталі нагодай зрабіць артыкул. Напрыклад, калі ў вас асветніцкія задачы і вы хочаце ахапіць большую колькасць людзей, прапануйце тэкст грамадска-палітычным медыя. Калі матэрыял разлічаны на вузкае кола, лепш абраць спецыялізаваныя СМІ.

Як апублікаваць свой матэрыял? Распытайце знаёмых, якія працуюць у медыя ці неяк звязаны з імі. Мабыць вам адразу параяць, да каго звярнуцца, ці перададуць ваш тэкст у рэдакцыю. Калі ў вас няма такіх кантактаў, самастойна абярыце патрэбнае вам СМІ і адпраўце артыкул праз бот у сацсетках ці электронную пошту. Знайдзіце аўтараў, якія ўжо пісалі матэрыялы на падобныя тэмы і паспрабуйце звярнуцца да іх у сацсетках асабіста.

Можна звярнуцца да сторытэлінга (напісанне артыкулаў у фармаце гісторыі). У вашым тэксце мусіць быць герой ці гераіня, ад імя якіх ідзе расповед, добра складзены сюжэт, а сама гісторыя павінна выклікаць эмоцыі. Дзякуючы гэтаму фармату чытачы больш блізка адчуюць праблему, агульную атмасферу і рух падзей. Звычайна такія тэксты выклікаюць эмпатыю і матывуюць на дапамогу.

Каб прыцягнуць увагу замежнай аўдыторыі да вашай тэмы ці артыкула, зрабіце пераклад на іншую мову і звяжыцеся з выданнямі, якім гэта можа быць цікава.

Таксама запатрабаваным сёння можа быць фармат «картак». Як гэта выглядае? Мы збіраем актуальныя пытанні аўдыторыі на нейкую тэму і даем на іх простыя адказы. Для падрыхтоўкі такога матэрыялу важна ведаць, што зараз турбуе аўдыторыю. Раім звярнуцца да спецыяліста ці спецыялісткі, якія могуць патлумачыць усё прафесійна, але простымі словамі.

Прыклад картак ад ОЕЕС, на якіх мы распавядалі пра культурныя правы і іх абарону

Падкаст. Галоўнае яго адрозненне ад артыкула ці картак — форма выканання. Гэта аўдыязапіс, які можна спампаваць ці слухаць анлайн. Ён добра падыдзе тым, у каго няма часу чытаць лонгрыды, але патрэбна актуальная і цікавая інфармацыя. Перавага падкаста перад артыкулам крыецца ў больш шырокай аўдыторыі. Аднак трэба ўлічваць, што ўся інфармацыя ўспрымаецца на слых, такім чынам лепш выкарыстоўваць больш простыя і зразумелыя фармулёўкі. Дзе распаўсюджваць падкасты? На стрымінгавых сэрвісах, якіх зараз вельмі шмат.

3. Дакументальны спектакль і «Жывая бібліятэка»

Дакументальны спектакль — гэта фармат пастановы, у якой дзеянні будуюцца на падставе гістарычных крыніц ці на гаворцы рэальных людзей (з мінулага ці нашых сучасні_ц). У якасці асновы можна браць інтэрв’ю, гутаркі, перапіскі, дзённікі, дакументы і іншае.

Каб стварыць такі прадукт, спачатку трэба вызначыць праблему, пра якую можна распавесці з дапамогай дакументальнага спектакля. Потым знайсці людзей, якія падзеляцца сваёй гісторыяй і актора_к, якія яе сыграюць. Тэма можа быць любой: ад глабальных пытанняў да асабістай гісторыі жыцця. Такі фармат будзе цікавым кожнаму з бакоў: людзі, якія падзеляцца сваімі гісторыямі, адчуюць вартасць свайго вопыту, актор_кі атрымаюць унікальную магчымасць пражыць іншы рэальны досвед, а гледач_кі змогуць задумацца пра свае ўнутраныя жыццёвыя апоры. 

«Жывая бібліятэка». Сутнасць фармату заключана ў тым, каб пагутарыць у бяспечнай прасторы, і ў працэсе дыялогу супрацьстаяць стэрэатыпам і забабонам. Не дарма лозунг гэтага праекта «Не судзіце па вокладцы!».

Адрозненне «жывой бібліятэкі» ад класічнай крыецца ў тым, што аповед ідзе ад першай асобы — чалавека. Тая ці той, хто сутыкнуўся з дыскрымінацыяй ці стыгматызацыяй на розных узроўнях і дзеліцца сваімі гісторыямі, становяцца «кнігай». А тыя, хто зацікаўлены іх паслухаць — «чытач_камі». «Бібліятэку» можна ладзіць рознымі шляхамі, напрыклад, «чытач_ка» і «кніга» будуць сам на сам, ці «кнігу» будуць адначасова слухаць шмат «чытач_ак».

Прынцыпова значны момант такога фармата ў тым, што мы атрымліваем інфармацыю з першакрыніц, іх асабістым голасам і словамі. Акрамя таго, «чытач_кі» могуць задаваць свае пытанні «кнізе» і такім чынам пазбаўляцца ад стэрэатыпаў робячы свае высновы. Галоўная мэта такой «бібліятэкі» — атрыманне сацыяльных навыкаў у зносінах з «іншымі» і скарачэнне дыстанцыі паміж людзьмі на шляху да разумення.

4. Анлайн-суполкі і сумесныя майстэрні

Сёння беларусы і беларускі маюць патрэбу не толькі ўдзельнічаць у адукацыйных праектах, але і наўпрост быць у асяродку людзей з такімі ж каштоўнасцямі і інтарэсамі як яны, камунікаваць на нефармальныя тэмы. Аднак зараз у Беларусі ўсё менш вольных культурных мерапрыемстваў, а многія актывіст_кі раз’ехаліся па ўсім свеце. Якое выйсце? Пабудаваць анлайн-суполкі, дзе можна абмяркоўваць актуальныя тэмы і адчуваць сябе ў бяспецы. Мерапрыемствы такога фармату — гэта як размовы ў сябе «на кухні», толькі сустрэчы ладзяцца праз сазвоны, напрыклад, у Zoom, а з іншымі ўдзельні_цамі вы маглі раней ніколі не сустракацца. Чым гэта можа быць карысна? У першую чаргу, даць людзям падтрымку і адчуванне, што яны не адны ў новых і незвычайных для сябе абставінах. Анлайн-суполкі могуць быць тэматычнымі (па інтарэсах) ці яднаць людзей, якія самі сутыкнуліся са складанасцямі і могуць дапамагчы парадай.

Пры планаванні такіх сустрэч трэба абавязкова запрасіць дасведчаных фасілітатар_ак, якія, змогуць утрымліваць людзей разам. Таксама трэба арыентавацца на запыт і водгук аўдыторыі, бо яна вельмі розная. І, канешне, быць гнуткімі да прапаноў. Магчыма, праз нейкі час анлайн-суполкі ператворацца ў рэальныя сустрэчы.

Адным з такіх фарматаў могуць стаць сумесныя майстэрні, падчас якіх удзельнікі і ўдзельніцы вучацца чамусьці новаму ці наўпрост патрэбнаму ім у дадзены момант. Напрыклад, ляпіць з гліны, маляваць, садзіць кветкі, распавядаць гісторыі ці ствараць кнігі. Майстэрня адначасова спалучае ў сабе камунікацыю, навучанне і тымбілдынг, а таксама дазваляе пашырыць разуменне сваіх магчымасцяў. Важна, каб потым удзельні_цы маглі прымяняць веды і каштоўнасці, што транслююцца падчас варкшопаў, у сваім паўсядзённым жыцці, і рабіць нешта вартае самім ці сумесна з іншымі людзьмі. 

Мерапрыемствы, дзе можна нешта зрабіць сваімі рукамі, з’яўляюцца файным памочнікам у змаганні са стрэсам, таму гэта яшчэ і добры спосаб зняць напружанне.

5. Кінапрагляды

Нагодай сабрацца можа быць не толькі жаданне навучыцца нешта рабіць ці пагутарыць на нейкую тэму, але і сумесны кінапрагляд. Для гэтага важна абраць фільм, які будзе пасаваць пастаўленай мэце і задачам, а таксама прадумаць пытанні, якія можна абмеркаваць пасля прагляду. 

Гэта добрая магчымасць сумеснай рэфлексіі, калі мы бачым, як і наколькі адрозніваецца ўспрыманне і погляды на адну і тую ж карціну, што людзі глядзелі адначасова. Сумесныя кінапрагляды пашыраюць уяўленне аб пастаўленай праблеме і дазваляюць бачыць крыху далей за свае ўласныя «акуляры».

Аўдыторыя гледач_ак можа быць рознай і залежыць ад таго, якую тэму вы хочаце закрануць. Аднак важна стварыць такую прастору, каб людзі маглі вольна абменьвацца сваімі думкамі.

Цікавых і разнастайных фарматаў актывізму зараз існуе шмат. Гэта могуць быць выставы, выраб і друк стыкераў ці ўлётак, сумесныя паходы ці анлайн-рассылка — усё залежыць ад вашых мэт і фантазіі. Галоўнае, не спыняцца і не баяцца рэалізоўваць тое, што лічыце вартым.

Рекомендуем почитать:
Проста аб складаным

5 крокаў, каб ператварыць ідэю ў карысны праект

Беларускі

«Совместила опыт, личные ценности и стала коучем». Возможно ли найти свое предназначение?

Актывізм

«У меня нет высшего образования, зато есть 4 года волонтерства – и я не жалею». Что такое волонтерство и почему это круто?