17 ідэй: што зараз рабіць на карысць Беларусі (нават калі вы за мяжой) — OEEC
Актывізм

17 ідэй: што зараз рабіць на карысць Беларусі (нават калі вы за мяжой)

Назбіралі шмат цікавых ідэй, ініцыятыў, праектаў і фарматаў, да якіх можна далучыцца цяпер ці анлайн, ці афлайн. І ўсё дзеля таго, каб рабіць добрыя справы на карысць Беларусі. Гэта няпроста, але лепей рабіць, чым не.

Заўсёды актуальна

Стаць валанцёрам ці валанцёркай

Пра валанцёрства ёсць шмат стэрэатыпаў, адзін з іх – што гэта нізкакваліфікаваная праца. Але гэта не так! Валанцёрства – гэта ваш сацыяльны ўнёсак у паляпшэнне ці змяненне сітуацыі альбо падтрымка ці дапамога тым, хто аказаўся ў цяжкім стане.

Дзе валанцёрыць? Вы можаце далучыцца да арганізацый ці ініцыятыў, якія вам падабаюцца і блізкія па каштоўнасцях. Альбо вы самі таксама можаце зладзіць нейкую валанцёрскую ініцыятыву ці падзяліцца сваёй экспертызай – зладзіць моўныя курсы, групы падтрымкі, гурток па маляванні, чытанне вершаў і інш. І гэта можна рабіць анлайн ці афлайн.

Данаціць сродкі на карысць арганізацый, дзейнасць якіх вам блізкая ці падабаецца

За апошні год у Беларусі ліквідаваны прымусова ці самастойна (у тым ліку пад ціскам дзяржавы) 950 арганізацый грамадзянскай супольнасці. У гэты спіс увайшлі самыя розныя арганізацыі і ініцыятывы: праваабарончыя, экалагічныя, адукацыйныя, культурныя і іншыя.

Але шмат арганізацый і ініцыятываў не спынілі дзейнасць і працягваюць працу на карысць беларускага грамадства. Тым больш з’яўляюцца новыя ініцыятывы і арганізацыі, якім таксама патрэбна падтрымка.

Распаўсюджваць добры кантэнт, які робяць арганізацыі і ініцыятывы грамадзянскай супольнасці 

Вы можаце падпісацца на сацсеткі арганізацый грамадзянскай супольнасці ці ініцыятыў і дапамагаць распаўсюджваць карысны і важны кантэнт, які яны робяць. У цяперашні час гэта вельмі файная падтрымка. 

Але што варта помніць: некаторыя каналы, сацсеткі арганізацый і медыя могуць быць прызнаны экстрэмісцкімі, таму лепш пераправяраць інфармацыю. Адказнасць за гэта можа ўзяць на сябе толькі кожны і кожная самастойна. Праваабарончая арганізацыя Human Constanta падрыхтавала карысны артыкул пра тое, як чытаць і каментаваць «экстрэмісцкія матэрыялы» бяспечна.

Знаёміць свет з беларускім досведам і культурай і спрыяць іх распаўсюджванню

Гэта окей, калі ў свеце не ведаюць дэталі ўсіх падзей, якія адбываліся і адбываюцца ў Беларусі. А ў некаторых месцах свету ўвогуле не ведаюць, што такое Беларусь. Таму вы можаце стаць своеасаблівымі праваднікамі. 

А яшчэ людзей можна знаёміць з беларускай культурай – літаратурай, мастацтвам, гісторыяй. І таксама мовай, калі вы на ёй размаўляеце ў крамах, грамадскім транспарце, таксі ці на міжкультурных сустрэчах.

Далучыцца ці зладзіць самастойна

Зладзіць самастойнае мерапрыемства, воркшоп ці майстар-клас у Тбілісі

У цэнтры Тбілісі працуе прастора для беларускіх актывістаў і актывістак KROPKA. Тут можна зладзіць любое мерапрыемства ці воркшоп па экалогіі, гендарнай роўнасці, прасоўванні беларускай культуры і інш. 

Вы прыдумляеце ідэю, звяртаецеся ў KROPKА і дамаўляецеся пра дзень, час і фармат. Альбо ў вас ёсць ідэя сацыяльнай ініцыятывы, але няма аднадумцаў – вы таксама можаце зладзіць у прасторы нэтворкінгавую сустрэчу і сабраць каманду, каб рабіць добрыя справы.

Быць актыўным – файна, а калі нашы з вамі ініцыятывы вядуць да пазітыўных змяненняў у грамадстве ці прасоўвання скразных каштоўнасцей – гэта тым больш файна. 

Зладзіць арт-дворык з камандай аднадумцаў у Тбілісі

Art.yard.community – праект па стварэнні кам’юніці праз мастацтва. Двор – гэта заўсёды ўтульная прастора, дзе ў дзяцінстве мы збіраліся разам з суседзямі, сям’ёй, сябрамі. Гэта кам’юніці і традыцыя, якая зразумелая нам усім: і беларус_кам, і грузін_кам.

Каманда праекта хоча стварыць вулічную арт-прастору ў Тбілісі, над якой разам будуць працаваць і беларус_кі, і грузін_кі. Так гэты дворык стане месцам сустрэч, ідэй і калабарацый. Да каманды можна далучыцца – пішыце сюды.

Далучыцца да пікніка ці беларускіх вячорак у Кракаве

Беларусы Кракава прыдумалі культурніцкі спосаб дапамогі – беларускія вячоркі. Гэта сустрэчы па-беларуску на самыя розныя тэмы, ад літаратуры і культуры да экскурсіі па беларускім Кракаве. Яшчэ два разы на год адбываюцца вялікія сустрэчы беларусаў: Беларускі пікнік і Беларускі кірмаш – восем гадзін варштатаў, лекцый, канцэртаў, майстроў, ежы і іншых актыўнасцяў у гарадской прасторы летам і ў класным памяшканні зімой. 

Беларусы Кракава – кам’юніці, якое базіруецца на прынцыпе самаарганізацыі і грамадзянскай ініцыятывы. Гэта беларусы і беларускі, якія сабраліся ў 2020 годзе і да сённяшняга дня дапамагаюць беларускім і ўкраінскім бежанцам, а таксама ўсім, каму патрэбна інфармацыйная, рэчавая і юрыдычная падтрымка. 

Намаляваць дызайн для паштоўкі салідарнасці і даслаць валанцёрам для адпраўкі за краты

Ініцыятыва «Майстэрня паштовак салідарнасці» збірае малюнкі для друку паштовак. Потым гэтыя паштоўкі з вестачкамі дашлюць беларускім палітвязням. Чым больш яскравых і цёплых паштовак, якія падтрымліваюць, тым больш салідарнасці ў лістах адправіцца за краты.

Куды дасылаць пажаданні вязням: анлайн-форма.

Макеты для паштовак салідарнасці дасылайце на belschool@gmail.com.

Даслаць пасылку зняволеным у СІЗА

Пакуль чалавек знаходзіцца пад следствам у Следчым ізалятары, яму можна дасылаць паштовыя бандэролі (пасылкі), якія не ўлічваюцца ў агульную перадачу ад сваякоў. Такая магчымасць сканчаецца пасля ўступлення прысуду ў сілу.

У такую пасылку можна пакласці канцылярскія прылады, салодкія прысмакі, сродкі асабістай гігіены і іншыя рэчы, якія дазволены ў спісе.

Што можна дасылаць, а таксама як правільна аформіць паштовую пасылку, чытайце на сайце праваабарончага цэнтра «В*сна». Там жа вы знойдзеце спіс палітвязняў.

Прыглядзець за могілкамі і памятнымі беларускімі месцамі

Напрыклад, у Вільнюсе і Варшаве нямала важных гістарычных месцаў, якія маюць патрэбу ў нашым клопаце. На могілках Росу апроч Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў пахаваны некалькі выбітных беларусаў, у тым ліку Францішак Аляхновіч (на ўсталяванне помніка адкрыты збор сродкаў).

Праяўляйце ініцыятыву і падтрымлівайце чысціню ды ахайнасць каля такіх месцаў. Гэта нашы выбітныя землякі і зямлячкі, яны заслугоўваюць нашай памяці.

Далучыцца да экаактывізму з «Экадомам» і заказаць родным у Беларусь кантэйнеры для паасобнага збору смецця

«Экадом» сабраў некалькі цікавых парад «Экаактывізм падчас вайны», якія можна выконваць амаль з любога пункта свету. Напрыклад, вы можаце падпісваць экалагічныя петыцыі. Гэта не заўсёды працуе, але гэта добры інструмент звароту да чыноўнікаў. Ці дыстанцыйна праз 115.бел можна заказваць для сваякоў усталёўку кантэйнераў для паасобнага збору смецця. Па любых пытаннях заўсёды можна звяртацца да бота Зялёны тэлефон (Telegram). 

І, канешне, заўжды можна ​​вучыцца. Напрыклад, даведвацца больш пра экалагічны рух Беларусі і слухаць падкаст «Глеба, паветра, два ствалы» у фармаце нефармальных інтэрв’ю з рознымі прадстаўнікамі і прадстаўніцамі беларускіх экаНДА.

Дапамагчы ў перакладзе з рускай на ўкраінскую і англійскую мовы ці заданаціць – для праекта «Напрямок», які зладзілі беларус_кі

«Напрямок» – гэта сайт з актуальнай інфармацыяй для тых, хто пацярпеў ад вайны, незалежна ад нацыянальнасці і геаграфіі. Яго зладзілі беларускія актывіст_кі, да якіх потым далучыліся актыўныя людзі з розных краін – Расіі, Украіны, Славеніі, Канады, ЗША, Германіі і інш. На сайце можна знайці самую актуальную інфармацыю пра экстраную, медыцынскую, псіхалагічную дапамогу ва Украіне і ў іншых краінах, усё пра бежанства і краіны міграцыі, уразлівыя групы і г.д. 

Зараз праект шукае перакладчыкаў, якія маглі б дапамагаць у перакладзе з рускай на ўкраінскую і англійскую мовы і наадварот. Калі вы гатовы валанцёрыць, пішыце сюды: team@napryamok.org ці запоўніце форму. Альбо вы можаце заданаціць праекту грошы.

Больш пра праект і тое, чаму беларус_кі вырашылі дапамагаць Украіне і ўкраін_кам падчас вайны, можна пачытаць вось тут.

Далучыцца да праекта icanhelp.host, які дапамагае знайсці жытло ўкраін_кам, якія вымушана пакінулі дом з-за вайны 


icanhelp.host – праект, які зладзіў беларускі актывіст сумесна з калегам і езідскім бежанцам з Ірака Фархадам Шамо Рота. Падрабязней пра тое, як нарадзіўся праект, можна пачытаць тут.

Зараз праект шукае валанцёраў і валанцёрак: SMM-спецыяліст_ку (LinkedIn, Instagram, Facebook, Twitter), SEO-спецыяліст_ку, спецыяліст_ку па маркетынгу, капірайтэр_ку (англійская, украінская ці любая іншая мова), спецыяліст_ку па сувязях з грамадствам, front-end-распрацоўшчы_ц (react, redux, redux-saga, material-ui, formik, Vite), back-end-распрацоўшчы_ц (nodejs, react, postgres), спецыяліст_ку Zendesk Guide (стварэнне і кіраванне бібліятэкай ведаў), спецыяліст_ку службы падтрымкі (з магчымасцю навучання).

Калі вам цікава стаць валанцёрам праекта, які ўжо дапамог больш чым 5 000 чалавек, якія беглі ад вайны ва Украіне, – пішыце сюды.

Збіраць карысныя экапрактыкі на будучыню і дапамагчы Зялёнаму парталу 

У розных краінах свой падыход да экапрактык, якія можна збіраць цяпер, каб потым прывезці іх у Беларусь. Напрыклад, у Грузіі ўжо нейкі час стэрылізуюць і чыпіруюць бяздомных сабак, каб знізіць іх колькасць. У Літве цікава падыходзяць да гарадской прасторы і незвычайных фарматаў – прыдумалі плывучыя астраўкі, якія ачысцяць Балтыйскае мора ад азоту і фосфару. Колькі краін, столькі і практык.

Таксама зараз Зялёнаму парталу патрэбна падтрымка і дапамога ў распаўсюджванні артыкулаў і кантэнту, які яны публікуюць, каб больш людзей ведала пра зялёныя практыкі ў Беларусі і свеце. Зрабіць гэта можна, напрыклад, падпісаўшыся на канал у Telegram, на старонку ў Instagram ці Facebook.

Прасоўваць беларускую мову і культуру ці далучыцца да «Беларускай хаткі» ў Тбілісі

«Беларуская хатка» – ініцыятыва, якая пачалася з ідэі зладзіць кватэрнік і паглядзець стужку на беларускай мове. Але цяпер гэта кам’юніці ў Тбілісі, дзе ладзяць беларускамоўныя кінапрагляды, лекцыі, пікнікі і гуляюць у настолкі. Галоўная мэта – асвета і пашырэнне беларускай культуры, а таксама падтрымка беларусаў і беларусак.

Можна далучыцца да ініцыятывы ў Telegram і разам з яе ўдзельнікамі ладзіць новыя фарматы. Напрыклад, цяпер у іх ёсць жаданне зрабіць палічку беларускамоўных кніг. 

Быць актыўнымі разам з «Беларускім моладзевым хабам» у Варшаве

У «Беларускім моладзевым хабе» шмат цікавых мерапрыемстваў і актыўнасцяў, да якіх можна далучацца хоць кожны дзець: пісаць лісты палітвязням, адвесці дзетак на курсы «Мова нанова» ці схадзіць на фестываль у падтрымку беларускіх музыкаў. 

Больш за тое: у цяперашні час яны праводзяць апытанку «Якіх культурных актыўнасцяў для беларусаў у Польшчы зараз не хапае». Праз анкету можна паўплываць на тое, што будзе адбывацца далей у «Хабе».

Вучыцца і дзяліцца вопытам, экспертызай з іншымі 

«Актыўнымі Быць Файна (АБФ)» – арганізацыя якая працуе ў Літве, Грузіі, Малдове і зараз аднавіла дзейнасць ва Украіне. Яны працуюць для беларус_ак і ўкраін_ак і займаюцца нефармальнай адукацыяй па методыках шведскіх гурткоў – калі ў камфортных і бяспечных умовах людзі навучаюць адзін аднаго на роўных.

Вы можаце далучыцца да АБФ і не толькі вучыцца, але і зладзіць свой гурток, каб дзяліцца досведам з іншымі. А яшчэ вы зможаце даведацца, як дэмакратычныя каштоўнасці могуць выкарыстоўвацца ў сістэме навучання.

Рекомендуем почитать:
ЛюдзіПроста аб складаным

«Можно запретить организацию, но нельзя запретить идею». Год после массовых обысков и принудительной ликвидации ОГО

Актывізм

«Кем мне быть в этой войне?» Зачем беларуские активист_ки помогают Украине и украин_кам?

БеларускіАктывізм

«Вы уже делаете много». Как теория малых дел меняет мир даже в период репрессий