Хутчэй за ўсё вы чулі пра студэнцкія і моладзевыя праграмы абмену. Але ў гэтым артыкуле ОЕЕС прапануе паглядзець на гэты фармат шырэй і паразважаць, чым ён можа быць карысны для грамадскіх актывістаў, актывістак і не толькі ў цяперашніх умовах.
Дзякуючы інтэрнэту, сённяшні свет здаецца значна больш адкрытым, чым ён быў 30 ці 50 гадоў таму. Сацыяльныя сеткі, медыя-кантэнт на розных мовах, анлайн бібліятэкі, курсы і трэнінгі. Але досвед рэальнага ўзаемадзеяння з людзьмі з розных краінаў – гэта тое, што сапраўды дапамагае пачуць іншае меркаванне, пабудаваць доўгатэрміновыя сувязі і уплываць на сітуацыю.
Праграмы абмену былі распаўсюджаныя сярод актывістаў і актывістак ва ўсе часы. Гэта прастора магчымасцяў, якая дазваляе вучыцца адзін у аднаго, глядзець шырэй за сваё звычайнае меркаванне і працаваць разам, каб пераадолець пэўныя праблемы дзеля агульнай будучыні. Такія праграмы ствараюць будучых лідараў і лідарак, якія інстынктыўна вучацца шанаваць каштоўнасць міжнароднага супрацоўніцтва, узаемаразумення і суперажывання.
– У часы крызісу асабліва важна, каб праграмы абмену распаўсюджвалі інфармацыю, якая не перадаецца або перастала перадавацца праз дасяжныя СМІ.

Сабрына Апітц (Германія)
арганізатарка праграм абмену, трэнерка нефармальнай адукацыі
– Напрыклад, у заходніх краінах бягучая сітуацыя ў Беларусі недастаткова вядомая, цікаўнасць СМІ да Беларусі знізілася пасля ажыятажу падчас маршаў у 2020 годзе. Больш за тое – праз дзяржаўную палітыку краіна ў значнай ступені разглядаецца як саўдзельніца вайны. Таму даволі складана высветліць, што думае з гэтай нагоды большасць беларусаў. І хаця мы можам даведацца пра гучныя выпадкі пераследу апазіцыі ці вядомых праваабаронцаў – напрыклад, Алеся Бяляцкага, [лауреата Нобелеўскай прэміі міру – ОЕЕС], але па-ранейшаму мала ведаем пра шматлікія рэпрэсіі ў дачыненні да жанчын і мужчын – юрыстаў, журналістаў, актывістаў, а таксама пра сістэматычную ліквідацыю арганізацый, якія працуюць у сферы правоў чалавека, дэмакратыі і адукацыі.
Дзякуючы праграмам абмену, у нас ёсць шанец зразумець розныя рэаліі і знайсці спосабы падтрымліваць адзін аднаго і супрацоўнічаць.
Разбурэнне стэрэатыпаў
Калі ты ведаеш інфармацыю пра краіну выключна праз стужкі навінаў ці кніжкі і фільмы, можа ўзнікаць шмат стэрэатыпаў пра культуру і менталітэт людзей. Але нават шчырая размова ці мерапрыемства з удзелам прадстаўнікоў і прадстаўніц розных культураў разбураюць гэтыя ўяўленні і даюць зразумець рознабаковаcць свету.
– Я ўдзельнічаю ў абменах каля дзесяці гадоў. І шмат што з майго культурнага досведу – як жывуць іншыя людзі, што яны ядуць, як яны будуюць узаемаадносіны, якія традыцыі іншых народаў – я пачарпнула менавіта ў такіх праграмах абменаў. Гэта адразу дае зусім іншы ўзровень разумення перспектывы таго, наколькі свет рознабаковы.
– Алена, беларуска, ўдзельніца праграм абмену

Разуменне іншага кантэксту
Часам мы настолькі занураныя ва ўласныя праблемы, што сітуацыі нават у суседніх краінах могуць быць для нас “сляпой зонай”. Каб выйсці за межы сваёй “бурбалкі”, трэба “праткнуць” яе новым для сябе кантэкстам. У апошні час для беларусаў гэта апынаецца нават жыццёва важным пытаннем, бо некаторыя вымушаныя не раз мяняць гарады і краіны для жыцця. І добра б хаця б мінімальна разумець, чым жывуць людзі ў розных краінах – разумець кантэкст краіны, дзе ты знаходзішся, ці будаваць сувязі для абмену досведам паміж рознымі культурамі.
– Для кожнага з бакоў інфармацыя пра справы ў іншай краіне скажоная рознымі крыніцамі інфармацыі і тым фокусам, пад якім кожны і кожная з нас разглядаюць сітуацыі і праблемы. Але калі мы знаёмімся з рэальнымі людзьмі, то лепш разумеем іх патрэбы і цікаўнасці.
– Вольга, беларуска, удзельніца праграм абмену
Напрыклад, падчас арганізацыі ОЕЕС беларуска-нямецкага абмену восенню 2022 года, нямецкія ўдзельніцы адзначалі, наколькі для іх было важным не толькі зразумець сітуацыю ў Беларусі з “першых рук”, але і мець уяўленне, як моцна падзеі адбіваюцца на псіхалагічным стане беларускіх жанчын.
Пераемнасць досведу
Калі ты разумееш іншую культуру, быт, то больш бачыш перспектывы свайго развіцця на ўзроўні асобы і краіны. Пытанне “А так можна было?” можна задаваць сабе пасля кожнага ўдзелу ў праграмах абменаў і разумець, якія практыкі і досвед можна пераняць. Гэта датычыцца як зусім побытавых рэчаў — напрыклад, вынайсці для сябе новыя спалучэнні смакаў пры прыгатаванні ежы, так і больш грунтоўных — разумець, як іншыя краіны прыходзілі да ўсвядомлення сябе нацыяй, як бароліся з тымі праблемамі, з якімі цяпер сутыкаецца Беларусь.
Важная агаворка – не заўсёды можна пераняць досвед цалкам, але важна разумець, што ёсць пэўныя шляхі, якімі можна ісці. Гэта дае магчымасць і больш грунтоўнай камунікацыі паміж прадстаўніцамі і прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей, а таксама разуменне, як пабудаваць уласныя механізмы, грунтуючыся на найлепшых практыках.

Сяброўскія сувязі
У працэсе пабудовы адносін выяўляюцца нечаканыя агульныя рысы паміж разнастайнай групай людзей. Гэта шанец развіць і / альбо ўзмацніць эмпатыю і разуменне розных рэальнасцяў, эмоцый і ўстановак.
– Тыя каштоўнасці, якія нас аб’ядноўваюць, а таксама больш блізкія сувязі паміж людзьмі ўплываюць і на салідарнасць. Калі ў рэгіёне адбываецца крызісная сітуацыя, і я ведаю, што там “мае” людзі, магчыма, гэта стане нагодай думаць, як можна нешта змяніць, выказаць салідарнасць дзеяннем. Таму падчас такіх праграмаў добра разумець, якія ў нас як у каманды ёсць рэсурсы нешта рабіць, ініцыятывы.
– Ганна, беларуска, арганізатарка праграм абмену
Таксама пабудова сяброўскіх сувязяў не на афіцыйным, а на індывідуальным узроўні дапамагае лепш адчуць патрэбы адзін аднаго і шукаць стратэгічныя ідэі для вырашэння праблемаў.
Агульныя дзеянні і праекты
Міжнародны абмен звычайна з’яўляецца адпраўной кропкай не толькі для асабістых, але і для прафесійных адносінаў і будучага супрацоўніцтва. Праэкты, пабудаваныя на сяброўстве, якія былі закладзеныя падчас сумесных сустрэчаў, звычайна таксама маюць больш моцны чыннік даверу.
Неглядзячы на тое, што зараз міжнародныя абмены больш распаўсюджаныя ў моладзевым і студэнцкім асяроддзі, важна пашыраць гэтую практыку і на дасведчаных прафесіяналаў і прафесіяналак з розных краінаў – толькі агульнымі намаганнямі можна будзе закласці падмурак для выбудовы будучыні Беларусі.
Дзякуй, што прачыталі матэрыял! Вас таксама можа зацікавіць тэкст «Міжнародныя мерапрыемствы падчас крызісу: что варта ўлічваць?»