Міжнародныя мерапрыемствы падчас крызісу: што варта ўлічваць? — OEEC
Актывізм

Міжнародныя мерапрыемствы падчас крызісу: што варта ўлічваць?

У гэтым артыкуле OEEC аналізуе свой вопыт арганізацыі мерапрыемстваў, у якіх бяруць удзел людзі з розных краін, і дзеліцца некаторымі парадамі. Мы спадзяёмся, што гэтыя парады будуць карысныя, незалежна ад таго, ці арганізуеце вы міжнародныя мерапрыемствы самі, ці далучаецеся да іх у якасці ўдзельнікаў і ўдзельніц.

Міжнароднае мерапрыемства – гэта тое, дзе ўдзельнічаюць людзі з дзвюх ці больш краін. Гэта можа быць трэнінг, міжнародны абмен, стажыроўка ці іншае.

Некаторыя беларусы і беларускі ў эміграцыі змянілі ўжо не адну краіну, і цяпер, нават збіраючы толькі іх, па сутнасці мы ўжо робім міжнародны абмен. Ці, напрыклад, чалавек нарадзіўся ў адной краіне, а “прадстаўляе” на мерапрыемстве бок іншай. Важна разумець, што мы робім абмен паміж людзьмі, якія жывуць у пэўных кантэкстах. 

Парада №1: зразумець мэту і кіравацца ёй

На кожным кроку рэалізацыі праграмы варта звяраць свае дзеянні з мэтай, якую вы сабе ставіце. А таксама максімальна зразумела давесці яе ўдзельнікам і ўдзельніцам. Каб, напрыклад, не атрымалася, што першапачаткова ў імпрэзу былі закладзеныя адныя аспекты, а большасць абмеркаванняў у рэальнасці звязаныя з зусім іншай тэмай.

Падчас мерапрыемства таксама варта заўсёды падсвечваць, прагаворваць мэту. Напрыклад, не проста даваць магчымасць кожнаму і кожнай выказацца, а будаваць дыскусію вакол абранай тэмы, ці то экалогія, адукацыя, культура, праблемы дыскрымінацыі ці іншая.

Паколькі адной з мэтай любых міжнародных мерапрыемстваў можна лічыць пабудову новых сувязяў і стварэнне новых праэктаў, варта падумаць, як падтрымліваць камунікацыю паміж удзельнікамі і ўдзельніцамі далей, стварыць плённую глебу для далейшага супрацоўніцтва. Гэта можа быць  чат для камунікацый у сацыяльных сетках, рэгулярныя тэматычныя анлайн сустрэчы, ментарская дапамога або падтрымка сумесных праэктаў.

Парада №2: закласці ў ідэю мерапрыемства агульныя каштоўнасці

Паспяховасць міжнароднага мерапрыемства шмат у чым залежыць ад таго, наколькі людзі могуць паразумецца адзін з адным. Таму ўжо падчас планавання трэба вызначыцца, якія каштоўнасці падзяляюць удзельнікі і ўдзельніцы і што патэнцыйна можа іх аб’яднаць – тэмы правоў чалавека, гендарнай роўнасці, фемінізму, досвед прыналежнасці да дыскрымінаванай групы ці іншыя крытэры.

Падчас мерапрыемства будзе добра распрацаваць агульныя правілы паводзінаў разам з удзельнікамі і ўдзельніцамі: што дапушчальна, а што рабіць нельга, якія наступствы будуць для тых, хто правілы не выконвае, і г.д. Але ва ўмовах абмежаванага часу не заўсёды магчыма растлумачыць пэўныя каштоўнасныя межы ці паняцці, таму магчыма распрацаваць спецыяльны дакумент – палітыку недыскрымінацыі – які б удзельнікі і ўдзельніцы атрымлівалі і падпісвалі да мерапрыемства.

Напрыклад, палітыка недыскрымінацыі ОЕЕС, якую падпісваюць усе эксперты і эксперткі, якія супрацоўнічаюць з намі і якую мы дасылаем удзельнікам і ўдузьніцам перед любым мерапрыемствам.

Адной з мэтаў міжнародных мерапрыемстваў можа з’яўляцца абмен культурным досведам – у гэтым выпадку пры падрыхтоўцы і правядзенні варта пазбягаць магчымага прасоўвання стэрэатыпаў.

Парада №3: прадумаць, якога кшталту інфапак патрэбны

Ад ідэйнага складніка пяройдзем да больш тэхнічных пытанняў. Першасна неабходна сабраць інфапак (інфармацыйны пакет), які б утрымліваў усе магчымыя дадзеныя па лагістыцы праграмы. Удзельнікам і ўдзельніцам трэба празрыста зразумець, якімі маршрутамі можна будзе дабрацца да гатэля ад чыгункі ці аэрапорта, колькі гэта зойме часу, дзе і паводле якога курсу валют можна будзе абмяняць грошы, якое надвор’е будзе ў дні прыезду і ці трэба браць з сабой парасон. 

Іншае пытанне, якое можа выклікаць дыскусію, – ці патрэбен інфапак пра сітуацыю ў краінах, з удзелам грамадзян і грамадзянак якіх адбываецца мерапрыемства. 

Напрыклад, некаторыя ўдзельніцы нашых мерапрыемстваў з краін ЕЗ адзначалі, што ім бракавала паглыбленай інфармацыі пра сітуацыю ў Беларусі. Гэта магчыма выправіць з дапамогай загадзя дасланых матэрыялаў для чытання, даследчых заданняў ці анлайн-сесій па адаптацыі.

Але калі, з аднаго боку, гэта сапраўды дапамагае зразумець кантэкст краіны і каштоўнасці іншых, то з іншага – трэба пазбягаць наўмыснай стыгматызацыі і перакосу ў бок абмеркавання не вызначанай тэмы, а досведу ўдзельнікаў і ўдзельніц як «носьбітаў» ці «жывых сведкаў» пэўнай сітуацыі. Варта ўлічваць мэту мерапрыемства, каб разумець, якія дадатковыя матэрыялы насамрэч дапамогуць людзям.

Парада №4: забяспечыць камфортную прастору

Падчас мерапрыемстваў кожнаму і кожнай важна адчуваць сябе ў фізічна і псіхалагічна бяспечнай прасторы. Людзі мусяць адчуваць сябе камфортна, выказваючы думкі, ідэі і пачуцці, асабліва калі абмяркоўваецца іх досвед. Таму загадзя варта спланаваць час, месца і метады, якія забяспечвалі б такую прастору. Таксама для ўмацавання даверу патрэбна больш часу, далікатнага падыходу і цярпення. Усё гэта варта ўлічваць пры падрыхтоўцы раскладу дня.

Напрыклад, мы прадугледжваем магчымасць прыехаць з дзецьмі і пакінуць іх са спецыяльна запрошанымі для гэтага спецыялісткамі і спецыялістамі. Варта ўключаць такую магчымасць, каб забяспечыць магчымасць удзелу для бацькоў, якія не могуць пакінуць дзяцей дома.

Аднак не трэба вылучаць кагосьці з групы наўмысна, падкрэсліваючы ягоную адметнасць маркерам. Бо так можна лёгка заклеймаваць асобу. Лепш за ўсё пры падрыхтоўцы праграмы загадзя задаць усім пытанні наконт спецыфічных патрэбаў і ўжо ўключыць гэта ў агульныя межы праэкту, каб гэта выглядала натуральным для ўсіх.

Парада №5: забяспечыць гнуткасць праграмы

Часцей за ўсё ўдзельнікам і ўдзельніцам няпроста знайсці час для міжнароднай праграмы, акрамя сваёй працы, вучобы і актыўнай дзейнасці, а гэта значыць, што варта надаваць увагу агульнаму самаадчуванню актывістаў і актывістак праз загружанасць і эмацыйны стрэс.

Добрым рашэннем можа апынуцца вызначэнне спецыяльнага часу ў праграме, калі ўдзельнікі і ўдзельніцы змогуць вырашыць свае працоўныя пытанні. Такім чынам, праграма будзе некалькі скарочаная, але пры гэтым будзе магчымасць пры патрэбе прапанаваць дадатковыя актыўнасці, замест таго, каб спяшацца з аднаго пункта праграмы на іншы.

Таксама важна прадумаць вольны час, які можа быць неабходны для таго, каб прыйсці ў сябе пасля дарогі – адпачыць у пакоі, прайсціся па горадзе. Тут таксама важна кіравацца прынцыпам пабудовы праграмаў рознага кшталту, які ўлічвае каштоўнасці правоў чалавека – “нічога для нас без нас” – і спытацца ў удзельніц і ўдзельнікаў пра іх пажаданні.

Парада №6: закласці дастаткова часу на планаванне

Рознага кшталту абставіны могуць уплываць на час, які трэба закладваць для падрыхтоўкі тых ці іншых элементаў праграмы. Напрыклад, варта больш часу запланаваць на атрыманне візаў для ўдзельнікаў і ўдзельніц, прадугледзець магчымыя лагістычныя складанасці. Пасля ковіду і пачатку паўнамасштабнай вайны, час у дарозе з адной краіны ў іншую можа быць большы, а квіткі даражэй, чым раней. 

Варта асэнсоўваць рызыкі і сітуацыі, калі некаторыя ўдзельнікі і ўдзельніцы могуць проста не прыехаць на праграму, таму што не змаглі атрымаць візу ці іх рэйс был адменены.

Парада №7: Бяспека – гэта must have на любым мерапрыемстве

Калі вы ладзіце міжнародныя імпрэзы, вельмі важна гарантаваць належную бяспеку ўсіх удзельнікаў і ўдзельніц: фізічную, псіхалагічную, ахову персанальных дадзеных. Напрыклад, звычайна агульнае правіла любых праграмаў – не выкладаць у адкрытыя крыніцы фотаздымкі з мерапрыемства, звязаныя з тэмай імпрэзы. А перад тым, як сфатаграфаваць чалавека, а тым больш – выкладаць здымак у сацсеткі — трэба абавязкова спытаць у яго ці яе дазволу. Варта некалькі разоў прагаварыць гэта на арганізацыйных сустрэчах, каб гэта было агульнай рамкай для ўсіх. 

Каб упэўніцца ў прынятых захадах бяспекі, можна дадаткова пракансультавацца ў спецыялістаў і спецыялістак, якія займаюцца гэтай тэмай у крызісным рэгіёне.

Дзякуй, што дачыталі да канца! Спадзяемся, што гэты артыкул быў карысны для вас, незалежна ад таго, арганізуеце вы міжнародныя мерапрыемствы самі ці ўдзельнічаеце ў іх.

Таксама для вас можа быць цікавы артыкул: «Супрацоўніцтва і ўзаемаразуменне: чым карысныя праграмы міжнароднага абмену?»

Рекомендуем почитать:
Актывізм

Супрацоўніцтва і ўзаемаразуменне: чым карысныя праграмы міжнароднага абмену?

Актывізм

«У меня нет высшего образования, зато есть 4 года волонтерства – и я не жалею». Что такое волонтерство и почему это круто?

Актывізм

17 ідэй: што зараз рабіць на карысць Беларусі (нават калі вы за мяжой)